НАВАГРУ́ДСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў 14—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 14—16 ст. на тэр. дзядзінца (гл. ў арт. Навагрудскія замкі). У час даследавання ў 1924 выяўлены падмурак, рэшткі сцен і падкупальных слупоў. Першапачатковы храм быў бясстоўпны, у плане амаль квадратны; з усх. боку меў невял. закругленую апсіду, з зах. — прытвор. Падмуркі выш. 2 м узведзены з валуноў на вапнава-пясчаным растворы. Сцены таўшчынёй да 1,2 м з цэглы. Рэшткі сцен усх. часткі храма пабудаваны ў вендскай, зах. сцяна і прытвор — у гатычнай тэхніках муроўкі. Па перыметры храма закладзены драўляныя брусы. У сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. храм рэканструяваны: узведзены 4 цагляныя крыжападобныя ў плане стаўпы, на якія, верагодна, апіраўся барабан з купалам; зроблены паўн.-ўсх. прытвор і набрана новая цагляная падлога, пад якой выяўлены 2 скляпы. У такім выглядзе помнік уяўляў сабой сінтэз усх.слав. дойлідства з раманскім і гатычным стылямі. У 2-й пал. 17 ст. царква перабудавана пад касцёл у стылі барока. Аб’ём падоўжаны на З, павялічана апсіда (новая даўж. будынка 34 м), над паўд. сцяной пабудавана вежа складанай канфігурацыі; фасады дэкарыраваны фігурнымі атынкаванымі карнізамі, цягамі, нішамі і інш. Да 1775 у будынку касцёла адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. Храм існаваў да 1850.
А.М.Кушнярэвіч, М.А.Ткачоў.
т. 11, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)